Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

Вынікі Тыдня нацыянальнай культуры

Дата: 31 октября 2016 в 15:48, Обновлено 31 октября 2016 в 15:59
634 просмотра

Гучы, наша родная мова!

Каб любіць наш родны край,
сваёй мовы не кідай!

Другі год вучні і педагогі Казлоўшчынскай сярэдняй школы працуюць над праектам “Апрабацыя мадэлі фарміравання нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці”. У яго рамках школа працуе як соцыякультурны цэнтр. Мерапрыемствы, якія накіраваны на выхаванне ў навучэнцаў пачуццяў патрыятызму, любові да роднага краю, духоўных каштоўнасцей, з’яўляюцца неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі.

З мэтай прыцягнення ўвагі вучняў і іх бацькоў, педагогаў, грамадскасці да захавання і развіцця родный мовы, нацыянальнай культуры, яе традыцый, звычаяў і абрадаў у кастрычніку у нашай школе прайшоў Тыдзень нацыянальнай культуры.

У дзень адкрыцця тыдня вучні 11 класа, апранутыя ў беларускія нацыянальныя касцюмы, пад гукі беларускіх мелодый сустракалі вучняў, настаўнікаў, гасцей школы, віншавалі з пачаткам тыдня і ўручалі стужку-закладку з беларускім арнаментам і пажаданнем “Каб любіць наш родны край, сваёй мовы не кідай!”. З гэтага дня выпускнікі нашай школы прызвалі ўсіх размаўляць па-беларуску.

Экспрэс-апытванне “Ці ведаем мы беларускую мову” паказала, што многія вучні добра валодаюць роднай мовай, станоўча да яе адносяцца, а некаторым патрэбна яшчэ папрацаваць над сваім слоўнікавым запасам.

У час правядзення інтэрактыўнай гульні “Скарбонка роднай мовы” вучні, настаўнікі пісалі самыя мілагучныя і любімыя беларускія словы, а затым склалі іх ў маляўнічы букет “Нашы любімыя словы”.

Вучні пачатковых і сярэдніх класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе малюнкаў “Мая малая радзіма”. Самыя яркія работы прадставілі Добыш Ніка (1 клас), Барук Вікторыя (1 клас), Лішык Арсеній (1 клас), Вярстак Яна (2 класа), Лазута Кацярына (2 клас), Макарчык Уладзіслаў (2 клас), Мазоль Дар’я (4 клас), Макарэвіч Ульяна (3 клас), Сербін Алена (4 клас), Радзіон Аляксандра (5 клас).

У конкурсе фотаздымкаў “Мой родны кут” лепшымі былі прызнаны работы Лазуты Алесі (11 клас), Бяляткі Кацярыны (10 клас), Пякарскай Ксеніі (8А клас), Кузьміч Анастасіі (8Б клас), Альшэўскага Івана (7Б клас).

Абавязковай умовай дадзеных конкурсаў з’яўлялася прадстаўленне сваёй работы на беларускай мове.

На працягу тыдня перапынкі былі незвычайнымі. Арганізоўваліся гульні “Знаўцы роднай мовы”, гучалі музычныя кампазіцыі не толькі ў выкананні беларускіх майстроў, але і школьных зорачак, выступалі юныя чытачы з вершамі беларускіх паэтаў “Гучы, мая родная мова!”.

Вучням была прадстаўлена магчымасць “зазірнуць у бабулін куфэрак” і знайсці там надзвычайнай прыгажосці рэчы, якімі карысталіся іх продкі: дываны, ручнікі, сурвэткі, прыгожыя вышыванкі.

Вучні старэйшых класаў сабраліся ў літаратурнай гасцёўні “Паэзія душы”. Аблажэй Галіна Аляксандраўна, былая загадчыца дзіцячага садка, мясцовая паэтэса, расказала пра сябе, выказала сваю любоў да літаратуры, а пасля чытала свае вершы на розную тэматыку.

А якім цікавым выдаўся “Кірмаш”! У пятніцу ўжо з самага ранку гучала музыка, якая запрашала ўсіх на выставу-продаж “Восеньскія дары”, падрыхтаваную разам з бацькамі. Вучні з кожнага класа вершаванымі закліканкамі прапаноўвалі яблыкі, “пятушкі”, пірагі, кексы, пончыкі, хвораст, бублікі, дранікі і іншыя стравы, якія прыйшліся па густу іх аднакласнікам, настаўнікам і адміністрацыі школы. Акрамя мучных вырабаў, вучні пачатковых класаў Якаўлеў Аляксей (2 клас), Міхалоўская Марта (2 клас), Грышук Лізавета (3 клас), Палубінскі Арцём (3 клас), Трахімовіч Ілона (4 клас) сумесна з бацькамі падрыхтавалі цікавую выставу з садавіны і агародніны; навучэнцы 5-11 класаў рэалізоўвалі таксама і сувернірную прадукцыю, якую зрабілі са сваімі матулямі.

Тыдзень завяршыўся шостым школьным днём. На тэатралізаванае свята “Багач” Шундрык Ганна Дзмітрыеўна са сваімі вучнямі, прыгожа апранутымі ў нацыянальныя касцюмы, запрасіла не толькі навучэнцаў пачатковай школы, але і іх бацькоў. Гучалі беларускія народныя песні ў выкананні дзяцей “Саўка ды Грышка”, “Мікіта”, “Чаму ж мне не пець”, “Ох і сеяла Ульяніца лянок”. Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у беларускіх гульнях і конкурсах “Збяры бульбу”, “А мы проса сеялі”, “Палупі яйкі” і іншыя. У выкананні фальклорнага калектыву гледачам быў прадстаўлены яркі танец “Крутуха”. На прыканцы свята кожны госць атрымаў магчымасць пачаставаць страву са святочнага стала. Свята ўдалося на славу!

Вучням 5-7 класаў была прапанавана ў гэты ж дзень гульнёвая праграма “Чаму ж нам не пець, чаму ж не гудзець!”. Яфімік Аксана Мікалаўена са сваім класам правялі вельмі цікавыя конкурсы і беларускія гульні, загадвалі загадкі, складалі прыказкі і прымаўкі, спявалі, танцавалі, частавалі гасцей дранікамі.

На “Беларускай вечарыне” было вельмі цікава старшакласнікам. І там гучалі песні, вершы, усе размаўлялі на беларускай мове. Праходзілі цікавыя конкурсы: “Млын”, “Дары восені”, “Касцы”, “Напаі каня”, падрыхтаваныя Добыш Рамуальдай Казіміраўнай і васьмікласнікамі. Скончылася вечарына дыскатэкай “Я люблю Беларусь”.

Правядзенне тыдня нацыянальнай культуры дазволіла абудзіць любоў да роднай мовы, захаваць традыцыі свайго народа, згуртаваць калектывы дзяцей, бацькоў і педагогаў.

Паглядзець фатаграфіі

 

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.